Василь Витка биография На Белорусском

Васіль Вітка

Літаратурная спадчына Васіля Віткі трывала і надзейна заняла сваё пачэснае і ганаровае месца ў залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры і культуры XX стагоддзя. Васіль Вітка – пісьменнік шматграннага таленту, выявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык, публіцыст. Але найбольш вядомы і прызнаны ён як дзіцячы пісьменнік. Тут самароднасць яго таленту, мастацкая індывідуальнасць раскрыліся з найбольшай паўнатой, шчодрасцю і самааддачай.

Плённая праца Васіля Віткі, багатыя набыткі яго творчасці высока ацэнены. Васіль Вітка заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). Ён – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1972), узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Ханса Крысціяна Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс вялікага дацкага казачніка (1978).
Нарадзіўся Васіль Вітка (сапраўднае імя – Крысько Цімох Васільевіч, іншыя псеўданімы Цімох Зрэбны, В. Цімскі ) 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў беднай сялянскай сям’і. Праз колькі месяцаў пасля нараджэння сына бацька Васіль Максімавіч з сям’ёю падаўся ў Сібір у пошуках заробку. «У 1912 г., калі мне споўніўся год ад роду, – чытаем у аўтабіяграфіі Васіля Віткі, – мы былі ўжо ў Омску. Тулячыся ў падсуседзях па чужых кутках, бацька карміў сям’ю тым, што, гнучы спіну на гарадскім рынку, падбіваў і латаў просты і грубы абутак людзей…». Хутка Васіля Максімавіча ўзялі ў армію, і сям’і стала яшчэ цяжэй. Падумвалі, каб вярнуцца на радзіму, ды змаглі ажыццявіць мару толькі пасля рэвалюцыі.
У 1917 годзе, маці, Марыя Міхайлаўна, з дзецьмі вяртаецца ў Беларусь у родныя Еўлічы. Неўзабаве пасля дэмабілізацыі прыехаў туды і бацька. Васіль Максімавіч – сапраўдны народны самародак, меў залатыя рукі. Быў вядомым на ўсю аколіцу шаўцом, умеў цяслярыць, рабіць ткацкія варштаты і нават лячыць хворых. Ды і першым грамацеем у Еўлічах лічыўся. Васіль Максімавіч любіў чытаць. Па вечарах, а часам усю ноч ён чытаў пры газоўцы ўслых. Слухаць гэта чытанне прыходзілі аднавяскоўцы. Слухаў і сын, хоць бацька думаў, што той спіць. У час гэтых чытанняў маленькі Цімка займаў сваё пастаяннае месца – «стуліўшыся на палку пад старым кажухом». Маці ж Марыя Міхайлаўна, выдатная працаўніца, мела мяккі голас, любіла паспяваць. Хоць не заўсёды выпадала ёй на гэта вольная часіна. Душэўнасць, мелодыя яе песень уліліся пазней ў гучанне паэзіі Васіля Віткі, у музыку яго твораў для дзяцей. Бацькі сталі тымі людзьмі, якія з маленства прывілі сыну любоў да працы, творчасці, навучылі яго быць сумленным. А яшчэ не забыліся і ўрокі хроснага – мясцовага каваля Валадыма. Урокі той жа сумленнасці, маральнасці, душэўнай чысціні і справядлівасці. Да ўсяго хлопчык і сам быў дапытлівы, любіў шмат чытаць. Песні, чутыя ў маленстве, гісторыі, расказаныя бацькам і хросным, прачытаныя кнігі выклікалі любоў да літаратуры. Ён захапляўся паэзіяй, хараством прыроды і яшчэ – дзіцячай верай у магутнасць паэтычнага слова. Яму і самому хацелася нешта напісаць. Таму ўжо ў другім класе Цімка Крысько склаў свой першы верш. Але рэчаіснасць была такая суровая, што пакідала мала месца для паэзіі. Па-ранейшаму жылося бедна, таму з падказкі Валадыма і, не жадаючы быць дома нахлебнікам, пасля сямігодкі падаўся падлетак у Слуцкую прафтэхшколу, якую скончыў у 1928 годзе.
На працу маладога слесара накіравалі на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, які лічыўся адной з першых у тыя гады новабудоўляў у Беларусі. Змены, што адбываліся наўкола, захапілі юнака. Душа спявала. Хацелася пра ўсё расказаць у вершах. Паэтычныя памкненні маладога слесара заўважылі, а неўзабаве запрасілі на працу ў заводскую шматтыражку. Яшчэ праз некалькі месяцаў з’вярнуў на Цімоха Крысько ўвагу і тагачасны рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст» Міхась Лынькоў. Менавіта Міхась Лынькоў з’явіўся першым настаўнікам і крытыкам будучага паэта Васіля Віткі. Дзякуючы Міхасю Лынькову ў літаратурным дадатку «Вясна» да газеты «Камуніст» у 1928 годзе з’явіўся першы верш семнаццацігадовага паэта Цімоха Крысько «На чоўне сабраўся ў бязмежную даль»:

На чоўне сабраўся ў бязмежную даль,
У шлях невядомы, бясконцы.
Хай бераг далёка, а я паміж хваль
На сонца вяслую, на сонца!

Так пачынаўся літаратурны шлях – шлях паэта і журналіста Цімоха Крысько. У 1930 годзе Міхась Лынькоў узяў юнака ў штат рэдакцыі. Потым Цімох Крысько супрацоўнічаў у рэдакцыі жлобінскай чыгуначнай газеты «Ударнік» (1933-1935), рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена» (1935-1937), «Літаратура і мастацтва» (1937-1938), часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1938-1939). Калі пачалося вызваленне Заходняй Беларусі, яго прызвалі ў дзеючую армію. Да пачатку вайны ён з’яўляўся сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў Беларусі, працаваў у рэдакцыях газеты «Савецкая Беларусь», сатырычнага лістка «Партызанская дубінка», сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння ў студзені 1944 года часопіса «Беларусь» Цімох Крысько стаў яго адказным сакратаром, а з 1948 года – намеснікам галоўнага рэдактара, а затым на працягу шасці гадоў – галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957 годзе ўзначаліў новы беларускі дзіцячы часопіс «Вясёлка». На пасадзе галоўнага рэдактара ён плённа працаваў 17 гадоў. У 1974-1987 гадах – сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм».
Пісьменніцкая біяграфія Цімоха Крысько, яго сталая літаратурная творчасць пачалася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго палымянае слова гучала ў партызанскіх лясах і беларускіх вёсках. У гады вайны ён узяў сабе псеўданім Васіль Вітка. Выдаваць кнігу ён не спяшаўся – набіраўся жыццёвага вопыту, паэтычнага майстэрства. І толькі ў пачатку 1944 года ў Маскве выйшаў першы зборнік вершаў паэта Васіля Віткі – «Гартаванне», у якім, як пісаў Кузьма Чорны, Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбокіх вобразаў. Яго вершы сведчылі, што ў літаратуру прыйшоў не выпадковы чалавек, а таленавіты майстар паэтычнага слова:

Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая Радзіма – Случчына…

Вытокі паэзіі Васіля Віткі з глыбінь крыніц Случчыны. На Слуцкай зямлі сфарміраваўся Васіль Вітка як паэт, як асоба. Прырода, людзі, легенды, паданні Случчыны, яе адзначаная самабытнасцю багатая мова спрыялі развіццю яго таленту, мастацкага светабачання, густу. Паэт заўсёды быў удзячны сваёй радзіме, той маленькай вёсачцы Еўлічы, у якой нарадзіўся. Адсюль і асноўныя матывы яго паэзіі, своеасаблівы этап яго творчасці. Васіль Вітка ў сваіх вершах адлюстроўвае непаўторную і таямнічую прыгажосць роднай Случчыны, роднай Беларусі, паказвае сувязь з загадкава-мудрай, сатканай з дабрыні і пяшчоты душой народа. Пазней яго мірная зямная і сонечная паэзія ўвойдзе ў зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Выбраная лірыка» (1968), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыня святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1987), «Свята дружбы» (1987) і інш. А ўсяго ім напісана дванаццаць «дарослых» кніг, у якіх паэзія вызначаецца грамадзянскім пафасам. Асноўныя яе матывы – услаўленне подзвігу чалавека ў Вялікую Айчынную вайну, хараство роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі. Паэзію Васіль Вітка любіў, як любяць тое, што ні з чым не параўнальна:

Я да цябе, мая вярбінка,
Прыпаў лістком і так прырос,
Што сівер не атрос узімку,
Гарачы не спаліў мароз.

Апошнім ападу вясною
На дол, у цёплую зямлю.
Ты не журыся нада мною –
Я светлую цябе люблю.

Паэтычны голас Васіля Віткі ў пісьменніцкім шматгалоссі не губляўся – гучаў своеасабліва, адметна, непаўторна. Паэтычныя словы з-пад пяра паэта выходзілі жывымі, мудрымі, прачулымі, мілагучнымі і пяшчотнымі. Аднак асаблівай пяшчотай, асаблівым, непаўторным бляскам заззяў паэтычны талент Васіля Віткі ў творах для дзяцей. Ён прыйшоў у дзіцячую літаратуру, як сам прызнаваўся «па закліку сумлення, па закліку душы, па закліку сапраўднай любові». Творчасць Васіля Віткі для дзяцей пачалася з казачнага эпасу ў 1947 годзе. Першую вершаваную казку «Вавёрчына гора» паэт склаў, а потым напісаў, каб падбадзёрыць свайго хворага сына. Як сведчыў сам Васіль Вітка, казка пачала складацца ў час паездкі з васьмігадовым сынам у родную вёску да бабулі. Тады сама па сабе і з’явілася гісторыя «пра Веру-вавёрачку, пра яе гора-горачка, пра яе маленькіх дочак, пра вавёрчын малаточак, пра птушынага пасла – даўганосага бусла, пра жыццё-быццё лясное і яшчэ пра тое-сёе». Выйшла казка асобнай кніжкай у 1948 годзе. З першага з’яўлення ў друку яна прапісалася ў дзіцячай літаратуры і стала цудоўным пачаткам яго далейшага творчага перыяду для дзяцей.
Вялікай творчай удачай стала наступная казка Васіля Віткі – «Буслінае лета» (1957), з галоўным персанажам трэцякласнікам Васем. Шчаслівы лёс напаткаў казку Васіля Віткі – «Казка пра цара Зубра» (1959). У «Казцы пра цара Зубра» фантастычнае цесна пераплецена з рэальным, зямным жыццём. Яе героя завуць ужо не проста Васем, а Васем Вясёлкіным. Кожны пісьменнік марыць стварыць такога героя, якога б палюбілі. У Васіля Віткі такі герой ёсць. Гэта шчыры, непасрэдны, цікаўны і дапытлівы Вася Вясёлкін. У адным выпадку Вася – пачынаючы паэт-казачнік («Буслінае лета»), у другім – смелы пераможца ляснога Зубра («Казка пра цара Зубра»), у трэцім – сябра птушак і звяроў («Азбука Васі Вясёлкіна»,1963). Вася Вясёлкін і зараз з’яўляецца любімым героем беларускіх дзяцей, вядомым усім талісманам часопіса «Вясёлка». Затым амаль адна за адной выходзяць казкі «ППШ» (1962), «Дударык» (1962), «Казкі дзеда Васіля» (1969), «Казка без канца» (1969), «Хто памагае сонцу» (1975), «Казкі і краскі» (1978) і іншыя.
Дзіцячая паэзія Васіля Віткі багатая рознымі жанрамі, сярод іх ёсць «складанкі-чытанкі, байкі-самаграйкі, песні-калыханкі, жарты-перакруткі, гулі-самагудкі, лічылкі, загадкі, ладачкі-ладкі». Напісаны яны з тонкім адчуваннем асаблівасцей дзіцячага ўспрымання, з любоўю да загадкава-чароўнай краіны Дзяцінства. Дзеці палюбілі кнігі Васіля Віткі, такія, як – зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), кнігу вершаў «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), выдатную кнігу вершаў, загадак, лічылак, пацешак і казачак для малодшага ўзросту «Чытанка-маляванка» (1971). Добра вядомыя беларускім дзецям кнігі – «Беларуская калыханка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Казкі» (1976), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе выйшлі ў 1984 годзе), «Дзецям» (выбраныя творы ў 2-х кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), «Выхаванне словам» (2001 ), «Урокі роднага слова» (2008) і інш.
Творчасць Васіля Віткі для дзяцей – свет чарадзейства, хараства, незвычайных прыгод, прывабнай гармоніі гукаў і фарбаў. Сваімі творамі, Васіль Вітка імкнецца дапамагчы дзецям разабрацца ў разуменні дабра і зла, выхаваць іх людзьмі актыўнымі, бадзёрымі, эмацыянальнымі, дапамагае дзецям – у адпаведнасці з узростам – своечасова рабіць для сябе патрэбныя адкрыцці ў навакольным асяроддзі. Кнігі Васіля Віткі для дзяцей – гэта школа дабраты, справядлівасці, гуманізму. Школа прыгажосці роднай беларускай мовы, беларускага фальклору, да якіх ён ставіўся з вялікім захапленнем. Вершы, казкі, загадкі Васіля Віткі, выходзячы з друку, адразу пераходзілі ў шэраг хрэстаматыйных. Іх і зараз выкарыстоўваюць у падручніках і дапаможніках.
У 1972 годзе за кнігі для дзяцей «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка» Васілю Вітку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы. Пазней прыйшло і сусветнае прызнанне. Васіль Вітка быў узнагароджаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Ханса Крысціяна Андэрсена з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс выдатнага дацкага казачніка. Васіль Вітка шырока вядомы за межамі Беларусі галоўным чынам дзякуючы перакладам яго лепшых кніжак для маленькіх – «Чытанка-маляванка» і «Ладачкі-ладкі» не толькі на славянскія мовы – сербахарвацкую, славацкую, чэшскую, польскую, але на нямецкую, англійскую, галандскую, літоўскую, эстонскую, узбекскую і інш.
Яшчэ адным своеасаблівым этапам ў творчасці Васіля Віткі стала з’яўленне ў канцы пяцідзесятых гадоў яго таленавітых апавяданняў. Першыя апавяданні з’явіліся ў 1960 годзе на старонках часопіса «Полымя». Зноў звярнуўся да жанру прозы, у сямідзесятых гадах, апублікаваўшы цыкл «Паміж людзей добрых». Гэта ўдумлівы, шчыры расказ пісьменніка пра час, у якім ён жыў, і пра людзей, з якімі яму пашанцавала быць блізкім. Асабліва ўдаліся партрэты Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Івана Мележа, Максіма Танка, Янкі Брыля, Янкі Маўра, Уладзіміра Дубоўкі, Міколы Лобана, выдатнага ўкраінскага педагога і пісьменніка Васіля Сухамлінскага і іншых. Яго пяру належаць зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983).
Цесна прымыкае да прозы публіцыстыка. Арыгінальная, наватарская, яна нясе ў сабе роздум над праблемамі часу, жыцця, лёсу нацыянальнай беларускай культуры, літаратуры, мовы. Пісьменнік даследаваў праблемы выхавання, закранаў шмат праблем школьнага жыцця і выхавання. І ў большай ступені гэта кнігі «Дзеці і мы» (1977), «Урокі» (1982), «Азбука душы» (1988). Ён адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га (1988) класаў. Уся творчасць Васіля Віткі прасякнута пачуццём глыбокай адказнасці за выхаванне дзяцей. Ён быў пісьменнікам-педагогам, настаўнікам, выхавацелем, які ўсур’ёз і заўсёды заклапочаны педагагічнымі праблемамі. Васіль Вітка – педагог па прызванні, па складзе характару, па спосабу мыслення.
Добры паэт, празаік, публіцыст, выдатны дзіцячы пісьменнік – гэтага дастаткова, каб мець права называцца літаратарам. Аднак уяўленне пра Васіля Вітку будзе няпоўным, калі не ўлічваць яго цікавыя спробы ў галіне драматургіі. Вядома яго п’еса «Прамень будучыні» (1947) – пра калгаснае пасляваеннае жыццё. Заўсёды будзе актуальнай п’еса «Шчасце паэта» (1950) – пра беларускага народнага песняра Янку Купалу, якая атрымала сцэнічнае ўвасаблене ў тэатры імя Купалы ў 1952 годзе.
Васіль Вітка вядомы і як перакладчык. Шмат зроблена ім у галіне мастацкага перакладу з іншых моў на беларускую. Ён перакладаў на беларускую мову прозу і паэзію. Яму належаць пераклады з рускай мовы (М. Салтыкова-Шчадрына, А. Талстога, А. Чэхава, У. Маякоўскага, Ф. Цютчава, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто, М. Рубцова), украінскай (М. Рыльскага, В. Бычко, М. Стэльмаха, П. Варанько, М. Прыгары), літоўскай (М. Вайнілайціса, В. Бараўскаса), латышскай (Я. Райніса, В. Лукса, Я. Осланіса, В. Грэнскаўса), балгарскай (А. Босева, Л. Станчава), англійскай (Уолтэра Мэя) і інш.
Апошняй кнігай Васіля Віткі стаў зборнік «Дом, дзе жывуць словы» (1995), своеасаблівы вершаваны слоўнік. «Слоўнік народнай мовы для дзяцей», – як вызначыў жанр аўтар. А што ёсць дзіцячая мова, Васіль Вітка не сумняваўся. Разам з тым ён і шкадаваў, што гэтай мовай, на жаль, мала цікавяцца дарослыя.
Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1996 года. Але кажуць, што ў сапраўдных пісьменнікаў даты смерці няма. Творы Васіля Віткі і сёння ў актыве нацыянальнай літаратуры. Яны сталі сапраўднай класікай. Яны патрэбны хлопчыкам і дзяўчынкам пачатку XXI стагоддзя таксама, як былі патрэбны іх бацькам. Захапляцца імі будзе яшчэ не адно пакаленне. Так будзе. Бо, як адзначыў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, Васіль Вітка пазбягаў тэм аднадзёнак. Як правіла, ён пісаў пра тое, «што глыбока запала ў душу і прарасло думкай». Разумнае, таленавітае ніколі і нідзе бясследна не знікае. Напісанае ім заўсёды будзе жыць, уплываць на бясконцы літаратурны працэс.
Беларусь шануе памяць мудрага, таленавітага пісьменніка, педагога, цікавага чалавека. На словы Васіля Віткі многія кампазітары (А. Бараноўская, Г. Вагнер, Я. Касалапаў, І. Лучанок, С. Палонскі, Я. Цікоцкі і інш.) напісалі песні. Рэдакцыя часопіса «Вясёлка», першым рэдактарам якога быў Васіль Вітка, заснавала прэмію імя Васіля Віткі. Аўтары лепшых твораў адзначаюцца прэміяй імя Васіля Віткі і спецыяльным медалём». Нібы і сёння вочы Цімоха Васільевіча добразычліва, патрабавальна ўглядаюцца ў плынь сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры.

Слуцкая библиотека

Вітка Васіль (Крысько Цімох Васільевіч)

Вітка Васіль (Крысько Цімох Васільевіч)

16.05.1911 – 05.07.1996

Вядомы беларускі паэт, казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, сатырык, гумарыст, рэдактар, педагог. Нарадзіўся ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Асноўныя творы: “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка”, “Прамень будучыні”, “Шчасце паэта”, “Дзеці і мы”, “Азбука душы”, “Урокі”, “Случчына” і інш.

Вядомы беларускі паэт, казачнік, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, крытык, сатырык, гумарыст, рэдактар, педагог Васіль Вітка нарадзіўся 16 мая 1911 года ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Пасля сямігодкі паступіў у Слуцкую прафтэхшколу, якую скончыў у 1928 годзе і атрымаў спецыяльнасць слесара. Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Спачатку – у заводскай шматтыражцы, затым у Бабруйскай, Жлобінскай газетах, а з 1935 г. – у рэспубліканскім друку. У 1939 г. Вітка быў сярод тых, хто ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён з’яўляўся сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. У гады вайны працаваў у рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, з 1942 года быў рэдактарам масавых выданняў для акупіраваных раёнаў, супрацоўнічаў у папулярных сатырычных часопісах “Партызанская дубінка”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пачынаючы з 1944 года Цімох Васільевіч працаваў у часопісе “Беларусь”. У 1948 годзе стаў намеснікам рэдактара, а потым – галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”. У 1957 годзе яго вылучылі на пасаду галоўнага рэдактара беларускага дзіцячага часопіса для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Вясёлка”, які тады ствараўся. На гэтай пасадзе В. Вітка плённа працаваў 17 гадоў. У 1974–1987 г.г. пісьменнік быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі студыі Беларусфільм.

Першы верш “Пры гасцінцы хіліліся вербы” быў надрукаваны ў літаратурным дадатку “Вясна” у 1928 годзе. У 1944 г. выйшаў яго першы зборнік вершаў “Гартаванне”. У другую кнігу паэта “Поўдзень” (1946) ўвайшлі вершы пра салдацкую мужнасць і невялікая лірычная паэма “Поўдзень”, напісаная ў час вайны. Пасля з’явіліся паэтычныя кніжкі “Вернасць” (1953), “Ружа і штык” (1958), “Паверка” (1961), “Вершы” (1968), “Праводзіны лета” (1972), “Вышыні святла” (1977), “Случчына” (1981), “Мінскія балады” (1981), “Для дома, для альбома і трохі для эпохі” (1983), “Трэція пеўні” (1988). Значнае месца ў творчасці Васіля Віткі займаюць сатырычныя вершы, пародыі, эпіграмы, байкі. Кніга “Для дома, для альбома і трохі для эпохі” – своеасаблівае выбранае смеху. Ён напісаў дзве п’есы: “Прамень будучыні” (1947) і “Шчасце паэта”. Публіцыстычныя кнігі “Дзеці і мы” (1977), “Азбука душы” (1988) “Урокі” (1982), сталі настольнымі ў педагогаў і выхавацеляў.

Першая кніжка для дзяцей – казка “Вавёрчына гора” – убачыла свет у 1948 годзе і адразу паланіла сэрцы дзяцей. З новай казкай “Буслінае лета” (1958) у беларускую літаратуру і ў часопіс “Вясёлка” прыйшоў і застаўся сябрам многіх пакаленняў дзяцей літаратурны герой Вася Вясёлкін. Васіль Вітка вырашыў даць дзецям своеасаблівы ўрок батанікі і напісаў кнігу “Казкі і краскі”(1983). У кнізе “Госці” (1983) адбываецца знаёмства з птушкамі, што жывуць у Беларусі. Кнігі “Дударык” (1964), “Чытанка-маляванка” (1971), “Хто памагае сонцу” (1975), “Ладачкі-ладкі” (1977), “Госці” (1984), “Загадка пра зярнятка” (1984) нарадзіліся з чыстых крыніц народнай творчасці. Паэт стварыў надзвычай арыгінальны, з метадычнымі парадамі слоўнік народнай мовы для дзяцей “Дом, дзе жывуць словы” (1995). Пераклад – частка творчасці Васіля Віткі.

Шматгранная дзейнасць Васіля Віткі адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума – “Знак пашаны”, медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). У 1972 годзе за кнігі “Беларуская калыханка”, “Казкі”, “Чытанка-маляванка” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, у 1978 годзе атрымаў Міжнародны ганаровы дыплом імя Х-К. Андэрсэна за кнігу “Казкі”, і яго прозвішча было занесена ў спіс лепшых казачнікаў свету.

Родная зямля памятае свайго славутага земляка. На пачатку стагоддзя калгас, які насіў імя Чкалава, быў пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агра-Вітка”. На штогадовыя майскія Віткаўскія чытанні ў Слуцкую дзіцячую бібліятэку збіраюцца пісьменнікі і журналісты, настаўнікі і бібліятэкары, вучні – усе тыя, хто лічыць сябе прыхільнікам творчасці земляка. Рашэннем Слуцкага раённага выканаўчага камітэта ўстанова адукацыі “Акцябрская базавая школа” перайменавана ў “Акцябрскую базавую школу імя Васіля Віткі”. 17 мая 2011года з нагоды стагоддзя з дня нараджэння пісьменніка-земляка непадалёку ад базавай школы аграгарадка Акцябр закладзена алея ў гонар Васіля Віткі.

Василь Витка биография На Белорусском

Імя Васіля Віткі – адно з самых прыкметных сярод майстроў прыгожага пісьменства Беларусі. Гэтаму паспрыяла рознабаковая творчасць нашага земляка, які надзіва ўдала праявіў сябе як паэт і празаік, драматург і перакладчык, казачнік і публіцыст, крытык, сатырык і журналіст.

Яго жыццёвы шлях пачаўся ў слуцкай вёсцы Еўлічы, дзе ў сялянскай сям»і 16 мая 1911 года з»явіўся на свет Цімох Васільевіч Крысько – так па-сапраўднаму звалі пісьменніка. У 1912 годзе сям»я ў пошуках лепшай долі апынулася ў Омску. У родную вёску вярнуліся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Еўлічах Цімох скончыў тры класы мясцовай школы, экстэрнам здаў экзамены за чацвёрты клас у суседняй сямігодцы, але далей вучыцца не давялося. Ён стаў вучыць дзяцей мясцовага хутараніна за харчы і невялікую даплату. Адначасова вучыўся ў кузні свайго суседа кавальскай справе.

Пасля заканчэння ў 1928 годзе Слуцкай прафесійна-тэхнічнай школы працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы, рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны – у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 года – у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944 года) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 года – намеснікам рэдактара, а з 1951 года – галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957–1974 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». З 1974 года па 1987 год быў членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943 года. Праца пісьменніка адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі. Ён – заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, узнагароджаны міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.К. Андэрсена з занясеннем прозвішча ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Некалі літаратурны крытык Вера Палтаран сказала пра Васіля Вітку: «Ён нарадзіўся пад знакам паэзіі». Сапраўды, паэзія – яго самае першае і самае моцнае творчае захапленне, а паэтычны дэбют адбыўся ў 1928 годзе ў бабруйскай акруговай газеце «Камуніст». У 1944 годзе ў Маскве выдадзены першы зборнік вершаў «Гартаванне», пра які Кузьма Чорны пісаў: «У кніжцы лірыкі Цімоха Крысько Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбокіх вобразаў… Гэта прырода душы самога паэта, таму тут стыхія поўнай і сапраўднай паэтычнай шчырасці і жывой праўды». Не памыліўся класік. Шчырасць, праўда, любоў да Радзімы, а яшчэ – лірычная мова, дасканалае валоданне народнай фразеалогіяй сталі адметнымі рысамі творчасці Васіля Віткі. Яны яскрава праявіліся ў зборніках яго паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988).

Невычэрпная тэма – Васіль Вітка і родны край. Тэма, акрэсленая самім пісьменнікам, які пісаў: «Случчына, ты – запаветная паэма мая, якую я пішу ўсё жыццё, збіраю па словах, па радках. Але вось папрабаваў скласці іх разам – і бачу: паэма яшчэ не напісана. Мабыць, аднаму не па сіле напісаць яе, вартую дзівоснай прыгажосці і крынічнай чысціні роднай зямлі». У гэтых словах, акрамя ўсяго – і сыноўняя ўдзячнасць паэта роднаму краю, які абудзіў у ім мастака.

Несумненнага поспеху дасягнуў Васіль Вітка ў галіне дзіцячай літаратуры. Для дзяцей ён выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). Дарэчы будзе нагадаць, што ў Беларусі заснавана літаратурная прэмія імя Васіля Віткі, якой адзначаюцца лепшыя творы для дзяцей.

А яшчэ Васіль Вітка – аўтар п»ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена ў 1952), зборніка сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983), шматлікіх літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы. У 1977 годзе пабачыла свет кніга дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 годзе – кніга «Урокі», у 1988 годзе – «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для першага (1969), другога (1970) і трэцяга (1988) класаў. У 1973 годзе выйшлі з друку «Выбраныя творы» ў двух тамах. Васіль Вітка пераклаў на беларускую мову паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), творы рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.

З 1996 года Васіля Віткі няма разам з намі. Але ёсць яго творы, ёсць магчымасць далучыцца да спадчыны пісьменніка – непаўторнага майстра роднага слова. У Слуцкім раёне ў гонар нашага земляка названа адкрытае акцыянернае таварыства «Вітка-Агра», з 2008 года штогод у маі праводзяцца Віткаўскія чытанні, яго імя прысвоена Акцябрскай базавай школе, а таксама адной з дзіцячых бібліятэк у Мінску. У 2006 годзе выйшла з друку кніга абразкоў пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў «Жыў на свеце дзед Васіль», якую напісалі Расціслаў Бензярук і сын пісьменніка Вісарыён Крысько.

Анатолій ЖУК

Васіль Вітка

Случчына
Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая радзіма – Случчына.
Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень – рушнікі,
Сурвэты – іх санеты.
Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.
Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў –
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.
А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам –
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.
Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.

Сакуны
Мы на Случы ўсе – сакуны,
Завомса сакунамі.
Спрадвеку хлеб наш сакаўны
І мова сакаўная.

Звязала рушніком рака,
Тугім вузлом злучыла
З лесавіком палевіка
І дружбе навучыла.

Здавён адзін на аднаго
Мы не глядзелі скосо,
І хоць пабачылі ўсяго –
Усё перажылосо.

Наб»е гузак, хто вытнецца,
Пацэліць той, хто меціцца.
Бо як яно рабіцьмецца,
Дык так яно і мецьмецца.

І нечага аюцкаць,
Калі пастух някемны,
У слуцку ўсё па-людску –
І случакам прыемна.

Яшчэ ў калысцы спіць сысун,
А толькі абазваўса,
І ўжо ён – выліты сакун,
Увесь у бацьку ўдаўса.

Глядзіш, мацнейшыя харчы
У місе падварушвае.
Не трэба нават і вучыць –
Так лыжкай апічушвае.

Расце сабе, у вус не дзьме,
Наказ шануе дзеда:
На Случчыне Андрэй Кузьме –
Заўсёды родны Хведар.

І сам удаўса я такі,
Шчаслівы вам прызнацца:
З адной рукі, з другой рукі –
Скрозь слуцкае сваяцтва.

Дадому еду – і здалёк,
Нібы палотны белячы,
Бяжыць бярозавы гаёк,
Дарогу сцелюць Еўлічы.

Пра іх ніколі на вяку
Нідзе не мог забыцца.
У весніцах стары цвыркун
Пілуе марш на скрыпцы.

Чмель трубіць у гарбузны цвет
На ўсё сяло святочнае.
Не блізкі абышоўшы свет,
Канцы з канцамі сточваю.

Тут між балотнага куп»я
Ўзлятала песня кнігаўкай.
Зрасталася душа мая
З маёю лепшай кнігаю.

У ёй – імёны, адрасы,
У ёй – мае случане,
Жывых – жывыя галасы
І тых, што замаўчалі.

Падчас і я ў трубу трублю,
На скрыпачцы пілую,
Што, мілую, цябе люблю,
Зямлю сваю – малую.

А ты жыццё прайшла са мной,
У свет вяла і клікала.
Ніколі без цябе, малой,
Не знаў бы я вялікае.

Яшчэ не сплочаны мой доўг.
Перад табою немы,
Я ўсё шукаю свой радок
Дзеля тваёй паэмы.


источники:

http://slucklib.by/vitka-vasil-krysko-tsimoh-vasilevich1/

http://nasledie-sluck.by/ru/people/Literators/4009/