ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ — ПЕРСОНАЛЬНЫЕ
Біяграфiя Літаратурная спадчынаЛітаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы Галерэя
Біяграфія
Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся на Магілёўшчыне 18 лютага 1893 г. у невялічкай беларускай вёсачцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне ў мнагадзетнай сям’і селяніна Івана Гарэцкага. Бацька служыў панам, маці не цуралася любой вясковай работы.
М. Гарэцкі закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, царкоўна-прыходскую ў Вольшы. Увосень 1908 г. прыехаў у Горкі, а праз год, пасля занятак з рэпетытарам, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах.
Захапленне творчасцю беларускіх дэмакратычных пісьменнікаў ХІХ – ХХ ст. з цягам часу разбудзіла ў юнака прагу да самастойнай літаратурнай працы, якая пачалася з невялікіх нататак, допісаў, а потым фельетонаў, што друкаваліся на старонках «Нашай нівы» за подпісамі «М.Б.», «Беларус», «М. Беларус». У Горках у канцы 1912 г. М. Гарэцкі напісаў сваё першае апавяданне «У лазні», якое было надрукавана 26 студзеня 1913 г. у газеце «Наша ніва» пад псеўданімам «Максім Беларус». Пад тым жа псеўданімам у гады вучобы ён надрукаваў шэраг нататкаў, апавяданне «Стогны душы», драматычны абразок «Атрута». Поўнасцю сваё сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе «Рунь», якая была выдадзена ў 1914 годзе.
Улетку 1913 г. Максім Гарэцкі закончыў навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы, атрымаўшы званне прыватнага каморніка-агранома, і паехаў на службу ў Віленскую губерню. У гэты пэрыяд ён напісаў: драматычную аповесць «Антон», у якой адным з першых у нацыянальнай літаратуры расказаў жорсткую праўду пра беларуса — нашага земляка ў штодзённым быцці, а таксама артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», у якіх выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.
У ліпені 1914 года М. Гарэцкі быў залічаны салдатам у армію і адразу трапіў на фронт – разведчыкам і сувязістам артылерыйскай батарэі, быў цяжка паранены, затым лячыўся, вучыўся ў ваенным вучылішчы, зноў быў на фронце, хварэў. У арміі прабыў да 1917 года.
Франтавыя ўражанні і назіранні пісьменнік пазней выкарыстаў для напісання дакумэнтальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне». Шчырасць і праўдзівасць, уменне паказаць страшны твар праклятай вайны, яе ніколькі не прыфарбаванае, сурова-жудаснае аблічча — вось галоўныя вартасці гэтай кнігі.
Кастрычніцкую рэвалюцыю М. Гарэцкі сустрэў у Смаленску, дзе працаваў камендантам жыллёвага аддзела Смаленскага гарадскога Савета, шмат пісаў, друкаваўся ў газетах «Известия Смоленского Совета», «Дзянніца», «Вольная Беларусь». Разам з братам Гаўрылам выдаў «Руска-беларускі слоўнік» (1918) — першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самаго пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
У жніўні 1918 г. працаваў у газеце «Звязда», рэдакцыя якой спачатку пераехала ў Мінск, а потым, у сувязі са стварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, у Вільню. Тут ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, у Віленскай беларускай гімназіі, працаваў рэдактарам-выдаўцом газеты «Беларускія ведамасці». У 1920–1921 гг. выйшлі першае і другое выданне «Гісторыі беларускай літаратуры», якое ў скарочаным выглядзе друкавалася і на польскай мове, у 1922 г. — «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. ХІ век – 1905 год», дзе змешчаны яго пераклад «Слова об полку Игореве», прызнаны лепшым перакладам літаратурнага помніка на славянскія мовы.
Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18.02.1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб’яднана ў вёску Багацькаўка) Мсцілаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Летуве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнай вайны быў на фронце, ва Ўсходняй Прусіі. Пад Сталупененам паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. З верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Справа па абвінавачаню М.Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР. 07.02.1959 г. Калужскім абласным судом поўнасцю рэабілітаваны.
Расстраляны 10.02.1938 г. у Вязьме.
Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. — драматызаваную аповесць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. — «Выбранае», у 1973 г. — Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984-1986 гг. — Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. — «Творы».
Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).
Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.
Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».
Все биографии белорусских писателей по алфавиту: